ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЛА́ГЕРЫ (ППЛ) у СССР, дзе адбывалі пакаранне грамадзяне, асуджаныя судамі ці пазасудовымі органамі па абвінавачанні ў контррэвалюц. і агульнакрымін. злачынствах. Ствараліся паводле пастановы СНК СССР ад 7.4.1930, існавалі да канца 1950-х г. Знаходзіліся ў падпарадкаванні рэсп. АДПУ, з 1934 — НКУС СССР. З’яўляліся асн. адзінкай сістэмы ГУЛАГа, складалі каля 80% усіх яго лагераў. Зняволеныя ў ППЛ выкарыстоўваліся на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, Дняпроўскай ГЭС, Магнітагорска, інш. буйных будоўлях. У 1939 у СССР налічвалася 180 ППЛ. Наяўнасць ППЛ на Беларусі дакументальна не пацверджана, але іх кантынгент выкарыстоўваўся ў Аўтадарлагу на буд-ве шашы Мінск—Масква ў 1930-я г. У кастр. 1956—крас. 1957 ППЛ выведзены з падпарадкавання МУС і падначалены Мін-ву юстыцыі СССР.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)